"Надрывайся і шумі..."

Якуб Колас

* * *
 


Надрывайся і шумі,
Вецер злосны, ў полі!
Як сярдзіта ты ні дзьмі,
Ні гуляй на волі;
 
Як дарог ні замятай
І глухіх трапінак;
Як ты злосна ні спявай
Мужыку ў камінак,—
 
Ўсё ж ты сціхнеш, і цяплом
Скора ты павееш,
І з ракітавым кустом
Міла задурэеш.



 
29/І 1910

Іншыя творы: Якуб Колас