Узбекістану

Якуб Колас

Прыйшоў мой час. Я пакідаю
Цябе, мой братні край,
І цяжка, ведай, ясны краю,
Сказаць табе — бывай!
 
Другое неба нада мною
Развесіць свой шацёр.
Ты ж на мяне зірнеш вясною
Вачамі яркіх зор.
 
Я ўсім нутром, душой адчую
                Тваіх яснот цяплынь.
Я промень сонца пацалую
З узбекскіх далячынь.
 
Успомню горад, шумны, звонкі,
І паркі, і сады,
Салар, узор арыкаў тонкі,
І топаляў рады.
 
Куточкі ўспомню зацішныя
І велічны Чымган,
І па табе душа заные,
                Край-друг Узбекістан.
 
У цяжкі час вайны суровай
Ты даў прытулак мне,
З узбекам песню адной мовай
Складалі аб вайне.
 
І меч адзін мы з ім кавалі
На злы варожы стан.
Няхай жа ўзносяць вышай хвалі
Цябе, Узбекістан!
 
Павеяў вецер, бы ў прадвесне,
                Над нашаю зямлёй.
На развітанне — з гэтай песняй
Прывет прымі ты мой.



 
23/Х 1943

Іншыя творы: Якуб Колас