Раніца вясною

Якуб Колас

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябессі
Льецца звонкі галасок.
 
Як бы срэбраны званочак,
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.
 
На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць;
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.
 
Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.
 
Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
    Льецца звонкі галасок.



 
7/І 1910

Іншыя творы: Якуб Колас