Над магілаю друга

Якуб Колас

Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра нестае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.
 
Не суджана, знаць, табе, браце,
На родныя гоні зірнуць
І ў нашай разбуранай хаце
        Народ да работы гукнуць.
Спі, мой дружа, спачывай —
Не забудзе цябе край.
 
Пакончыўшы з дзікай ардою,
З варожаю цемрай і злом,
Мы ўспомнім усёй грамадою
Цябе за жалобным сталом.
Спі, мой браце, спачывай —
Не забудзе цябе край.
 
Успомнім як лепшага сына,
        Аддаўшага дар песняра
Народу і роднай краіне,
Дар яркі, як золак-зара.
Спі, саколю, спачывай —
Не забудзе цябе край.
 
Шмат сцежак з табою прайшлі мы,
Адзін пракладаючы след,
І слухалі голас радзімы,
Каб несці той голас у свет.
        Спі, баяне, спачывай —
        Не забудзе цябе край.
 
І вось абарваліся ніці —
Сышоў ты на вечны спакой,
Буйнейшы наш колас у жыце,
Наш дуб лугавы над ракой.
Спі, гусляру, спачывай —
Не забудзе цябе край.
 
Парваліся струны, разбіты
Цудоўныя гуслі твае.
Краіна жалобай спавіта —
        Байца-песняра нестае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.



 
2/VII 1942

Іншыя творы: Якуб Колас