"Ой, скажы мне, вецер вольны..."

Якуб Колас

* * *
 


Ой, скажы мне, вецер вольны,
Вееш з родных ты краёў,
Што гамоніць шум твой здольны,
Ціхі шум сярод жытоў?
 
У гэтым шуме аддаецца
Жальба нівак і палёў,
Дзе з Віллёю Нёман льецца
Між прыгожых берагоў...
 
Чуе сэрца ў спеве жыта
Леса горкую тугу,
Што стаіць адзін, спавіты
Ў жоўта-сінюю смугу...
 
Жалем сэрца загарыцца,
Сэрцу хочацца спазнаць,
Што на Нёмане тварыцца,
Што на Віліі чуваць.
 
Дык паведай, вецер вольны,
Што павеяў з тых краёў:
Як жыве там край бяздольны,
Край з-пад Нёмна берагоў?



 
[1917]

Іншыя творы: Якуб Колас