«Закон» Трумэна і Ко

Якуб Колас

У Трумэну знайшлі бандыты
Сваю апору, друга, брата:
Сваяцтва з ім у іх багата –
Аднымі ніцьмі яны шыты.
 
Адны ў іх мэты і імкненні,
І бог адзін у іх – далары,
І клік адзін – вайна, пажары,
Грабеж, забойства, разбурэнне!
 
Бандытам Трумэн, бос убогі,
          Слуга марганаў і дзюпонаў,
Далараў сыпле сто мільёнаў –
«Для забяспекі і падмогі».
І кажа слова ім пры гэтым: –
Пальюцца грошы к вам ракою,
Я дам атруту, выдам зброю,–
Мы заўладаць павінны светам.
 
Другіх да ўлады не дапусцім,
Амерыканцы – інша справа...
Бо мы – ўсясветная дзяржава,
          Збудуем лад у нашым гусце.
Мы зоймем ўсе вышыні, вежы
І падаваць каманду будзем:
Нам, нам, вышэйшай расы людзям,
Павінен свет увесь належаць.
 
Дык так, да «працы», мае брацці!
За вас прасіць я буду Бога
І папу рымскага старога,
Учынкі вашы мы аплацім.
 
Шпіёньце, шкодзьце як найболей,
          Служыце нам, не спіце ў шапку,
Але рабіце чыста, гладка,
Грахі ж мы вашы ўсе замолім.
 
І шмат яшчэ казаў паганец,
Натхніцель чорнай сілы зброднай.
Гнеў не міне яго народны,
Мір ззяе ў свеце ясным раннем.
 
Даволі вам шалець, бандыты,
Расціць у прагных сэрцах мары,
Вайны ж распаліце пажары –
        Вы жорстка будзеце пабіты.



 
22/ХІІ 1951

Іншыя творы: Якуб Колас