Жураўліны вырай

Якуб Колас

Крылаты вандроўнік, стары журавель,
Сяброў у дарогу таропіць, —
Пад холадам моўкнуць прасторы зямель
І стынуць утульныя топі.
 
З патайных зацішкаў, з бязлюдных балот
Злятаюцца вольныя птахі.
На поўдзень, у вырай, імкне іх палёт
Пад ясным бяскроквавым дахам.
 
Звісае над імі бяздонны абшар,
        Дзе свецяцца вечныя зоры,
Пад імі гуляе, бушуе пажар,
У цемры свідруе пячоры.
 
У бляску крывавым руіны тырчаць,
Як чорныя цені-манахі.
Крылатыя госці пужліва крычаць,
Трывожацца вольныя птахі.
— Эй, чуеш? Спыніся, спыніся, стары!
Ці тою вядзеш ты дарогай?
Глядзі — агнявыя там круцяць віры,
        Іскрыстым падняўшыся стогам.
 
Ніколі на нашай дарозе раней
Такой не бывала праявы,
І ночы, глянь, сталі цямней і страшней,
Патоптаны нівы і травы.
 
Жахаюць зарніцы агнёў на зямлі,
І сыплюцца дрэвы пад громам,
Без голек, як трупы, маячаць камлі, —
Спыніся, бо край невядомы.
 
— Не бойцеся, птахі! Наперад за мной! —
        Стары журавель ім гукае:
— Вяду вас пуцінаю вернай адной,
Што Млечны мне Шлях асвятляе.
 
Не мы, гэта людзі з дарогі сышлі,
Не мы, а яны заблудзілі.
Разбойніку цесна заўжды на зямлі —
Старыя спрадвечныя былі.
 
Наперад, наперад у вырай, за мной,
Ды крыллі ямчэй разгарнеце!
Свой кут прывітаем мы новай вясной —
        Для вольных і воля на свеце.
 
І далей на поўдзень ляцяць жураўлі,
Над імі калышуцца зоры,
Пад імі — пажары, пакуты зямлі
І гора, вялікае гора.



 
27/ІХ 1942

Іншыя творы: Якуб Колас