Фашысцкаму звярʼю

Якуб Колас

Насунуўся густа на землю туман,
Павісшы імжакай рудою.
Зямля ўся пабіта на тысячы ран,
Патоптана дзікай ардою.
 
У грудах абломкаў ляжаць гарады,
А сёлы — адны папялішчы,
Дзе вецер-вандроўнік пад скогат бяды
У рэбры будыніны свішча.
 
Напоены шчодра крывавай расой
        Даліны, лясы і палеткі.
Прывідам кастлявым смерць ходзіць з касой,
А следам клубіцца дым едкі.
 
Галодны сабака ў бязлюдным дварэ
Злавесна і жудасна вые.
Хто злічыць магілы і слёзы збярэ,
Сірочыя слёзы жывыя?
 
Людскімі касцямі засеян прасцяг,
        На нівах буяюць бурʼяны,
Усхліпваюць рэкі ў халодных слязах,
        І журыцца золак румяны.
 
  Зямля маіх продкаў! Чыёю рукой
Учынен той здзек над табою?
 
Пракляцце бандыту і язвіне той,
Што славы шукае ў разбоі!
 
Зямля, расступіся ў пакуце сваёй
І дзікія орды глыні ты,
І стань для бандытаў глухою труной,
Варожаю кроўю абмытай.
 
Звяруга лахматы, наставіўшы хіб,
          З фашысцкае выбег трушчобы,
І голас у звера з шаленства ахрып,
Запенены губы ад злобы.
 
Не, звер ненаедны, фашысцкая шваль,
Ты лопнеш, злаякасны верад,
Загінеш ганебна, як зубы ні скаль
І як ты ні рвіся наперад!
 
Асуджаны лёсам вампір-ваўкалак,
  Пракляцце спляло яму сеці.
Не, не ўзаўецца са свастыкай знак,
        Змятуць яго людзі, як смецце.



 
12/VII 1942

Іншыя творы: Якуб Колас