Калымага Рым–Берлін

Якуб Колас

На дарозе пыл і дым —
Коціць каламажка,
Тарахціць вось Берлін — Рым
І грукоча цяжка.
 
Фюрэр ездзіць не дурак,
Дучэ бʼе пад робры,
Налягае дучэ так,
Што йдзе дух нядобры.
 
Манергейм наўскапыта
Скача ў конскім блеску,
І не ганьбяць хамута
Хорці, Антанеску.
 
А балгарскі цар Барыс,
Як рысак заўзяты,
Капытом бʼе, грае ў чмыс,
Доўгі і гарбаты.
 
 
Упацелі рысакі,
Гітлеравы слугі,
І апухлі іх бакі
Ад нямецкай пугі.
 
А фурман іх аж ахрып,
Дзьме у ноздры цяжка:
Чуе кат, што ён уліп
З коньмі, з каламажкай.
 
— Но, но, воўчая душа!
Дам вам канюшыны.
Ды не возьмеш ні шыша
З дохлае скаціны.
 
Страшна ехаць, вораг скрозь,
Дзень наступны чоран.
Асядае, гнецца вось,
Чуць трымае шворан.



 
17/ІХ 1942

Іншыя творы: Якуб Колас