Панас гуляе

Якуб Колас

Што мне жонка! Што мне дзеці!
Эх, Панас, ва ўсю гуляй!
Ёсць шчэ мерка жыта ў клеці,
Хаім, піва падавай!
 
Напляваць мне на падатак.
Што мне земскі, старшына!
Хаім, люльку на ў задатак, –
Дай мне царскага віна,
 
Дай мне булку на паўзлоты,
Ды прыпраў мне селядца!
Ўсё прапʼю: халат і боты...
Пачынай, Панас, з канца!
 
Вось ідзе Панас, спявае,
Страшыць жонку і дзяцей,
Кулаком усім махае,
Пабудзіў усіх людзей.
 
Дома ён разбушаваўся,
Ды вяроўку дзед прыпас...
Пад сталом ноч пракачаўся
Пʼяны, звязаны Панас.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас