Сіла агітацыі

Якуб Колас

I
 
Прыехаў у вёску таварыш з раёна,
Паклікаў на сходку сялян,
І доўга грымеў ён наконт самагона,
Як поп, настаўляў грамадзян.
 
І кідаў сталёвыя, палкія словы
Начальнік міліцыі Дрот.
Сяляне журботна хілілі галовы,
Глядзелі ўвесь час яму ў рот.
 
Натоўп адклікаўся часамі заўзята:
«Святая то праўда!» «Так! так!»
«Дурнота!» «Распуста!» «Дарэмная трата!»
«Свядомасці гэтае брак!»
 
І бачыць начальнік — узрушана глеба
У нетрах сялянскай душы.
У строгасцях гэтых не будзе патрэбы,
Капут самагону пішы!
 
Натхненне бурліць яшчэ з большаю сілай,
Сялян забірае ў палон...
Прамову закончыў канцоўкай завілай,
І грымнулі: «Прэч самагон!»
 
Начальнік узрушан і пот выцірае,
Што выступіў бобам на лбе,
«Ну вось і дапета ты, песня старая!»
І сам усміхнуўся сабе.

II
 
Мітынг скончан. Разышліся.
І вачам не верыць Дрот:
Без прымусу, без камісій
«Апарат» нясе Хвядот!
 
Вось што значыць яно, слова,
І разумны падыход!
А Хвядот зірнуў сурова
І ступіў крок напярод.
 
Вочы зораць вінавата, —
Вось я грэшнік, моў, які!
Падыходзіць, як да брата,
Сам узрушаны такі.
 
Хвядот
 
Т<аварышч> начальнік! раскрыў цемнату ты:
Я — вінен!
Не трэба, не трэба, т<аварышч>, атруты!
Няхай жа ён спрахне ад гэтай мінуты
І згіне!
Страта дзяржаве, сабе небяспека,
Глум збожжа!
Але ж, сказаць, не было чалавека,
Нябожа,
Каб праўду раскрыць
І ўсё растлумачыць...
Няхай жа ён, дасць Бог, згарыць,
Няхай яго вочы не бачаць.
Праваліцца яму скрозь зямлю!
Убачу — сваімі рукамі зламлю
І будзь ён праклят! —
І вобземлю — гоп «апарат!»

III
 
У Дротавым сэрцы вялікае свята,
І хваліцца Дрот:
«Вось ён, разумны прыём дзе, рабята!
А прыклад — Хвядот!»
Ў Хвядотавым сэрцы таксама не будні.
Смяецца Хвядот:
«Стары ён быў, падла, хоць кідай у студню,
А новы ён — вот!
Прадукцыя вышай працэнтаў на сорак,
Спакой — на ўсе сто!
Тактыка, братцы, ядры яе корак,
Прыдумаў — нішто!
І носа сюды не паказвае болей —
Гані, брат, ваўсю!
Такое раздолле,
Як гразь карасю!»



 
[1928]

Іншыя творы: Якуб Колас