«Асадзі назад!»

Якуб Колас

Дрэнна маё жыцце,
Ўсё ідзе не ў лад,
І крычаць мне ўсюды:
«Асадзі назад!»
 
Божа ты мой мілы!
Бʼюся я, як гад,
Толькі ж дзе ні ткнуся –
«Асадзі назад!»
 
Помню, я жаніўся,
Добры быў мой сват.
К дзеўцы нос паткнулі –
«Асадзі назад!»
 
Дзеўка была важна,
Ды сусед Кандрат
Мне нагу падставіў –
«Асадзі назад!»
 
Трапіў раз у горад,
Быў якраз парад,
Лезу я наперад –
«Асадзі назад!»
 
У засеках пуста,
Жыта выбіў град.
Дай, старшынька, ссуды.
«Асадзі назад!»
 
Я з капейкі збіўся,
Зарабіць я рад.
Ці няма работы?
«Асадзі назад!»
 
Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат. –
– Памажэце, людзі!
– «Асадзі назад!»
 
Сына свайго ў людзі
Вывеў бы Ігнат.
– Вось мой сын, паночкі!
– «Асадзі назад!»
 
Хлеб прыслалі ў вёску,
Там галодных шмат.
Пруся я з мяшэчкам –
«Асадзі назад!»
 
Галаву я маю:
Быў бы дэпутат.
– Цэнзу ты не маеш,
«Асадзі назад!»
Праўда, што таіцца,
Быў і мой чарод:
Два разы на жыцці
Выйшаў я ўпярод.
 
Ўзбунтаваў я вёску.
Ой, быў цяжкі год!
Прыязджае прыстаў:
– Выхадзі ўпярод!
 
Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя!
Даць яму ўпярод!



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас