Мая просьба

Якуб Колас

Прыйшоў мой час падацца далей,
А ў сэрцы смутак, неспакой:
Я разлучаюся з той хваляй,
Што сагравала цеплынёй,
  Жывіла добрыя парывы
І аздабляла мае дні.
Я ёй скажу, як друг зычлівы:
«Плыві на яснай глыбіні!»
 
Мне цяжка-цяжка, горка-горка,
Калі падумаю, што я
Не стрэну больш Вас, мая зорка,
Вясна апошняя мая!
 
Што ж мне сказаць на развітанне
Прад тым, як рушыць у свой край?
Скажу — сагрэй мой час змяркання
І аб сабе мне весць падай.



 
31/VII 1943

Іншыя творы: Якуб Колас