Бацьку Мінаю

Якуб Колас

Паклон табе шчыры і нізкі,
Наш бацька Мінай.
Ты стаўся нам родны і блізкі:
Ты — гэта наш край.
 
Прываблівы, мудры, і скромны,
І стойкі, як дуб,
Той дуб-багатыр, што над Нёмнам
Узносіць свой чуб.
 
Не хіліцца дуб перад бурай,
        І ты не умлеў, —
Пазнала нямецкая скура,
Што значыць твой гнеў.
 
Адчулі нямецкія морды
Міная ў баю,
Удар твой, раптоўны і цвёрды,
І помсту тваю.
 
  Нявінных дзяцей тваіх родных
        Згубіў люты кат,
І вецер змёў попел халодны
        Ад спаленых хат.
 
Астаўся адзін ты, нябожа,
Без дзетак, сястры.
Туліла імшыстае ложа,
А грэлі кастры.
 
Я ведаю — цяжка, мой браце,
Зжыць раны той след
І ўсё дарагое растраціць
На схіле ўжо лет.
  Ты ж цяжкае гора адолеў,
        Не здрадзіў сябрам.
Сказаў ты, герой наш: «Ніколі
Сяброў не прадам».
 
Ты мужныя рукі і сэрца
Народу аддаў.
Смерць, смерць немчуры-крыважэрцам!
Згінь, Гітлер-удаў!
 
Дазволь жа сказаць табе шчыра:
        Жыві, наш Мінай.
Разгорнем рамёны мы шырай
        І вызвалім край.



 
17/VIII 1942

Іншыя творы: Якуб Колас