Былінцы

Якуб Колас

Завяў лапчасты ліст на дубе –
Не прычакаць яму вясны!
Не аб табе, ой, не, Якубе,
Былінка марыць і сніць сны!
Ды што ёй ты? Цень выпадковы,
Што па зямлі праплыў і знік,
Яна не скажа: як здаровы,
Бо што ёй сэрца твайго крык?
Часамі ноч усю да рана
        Аб ёй ты марыш, ды дарма:
Не дачакаеш слоў жаданых –
Хоць бы кароткага пісьма...
А вольны час забралі «Сочы» –
Знайшліся новыя сябры. ..
Ну, што ж? такі твой лёс сірочы
Ці ж ёй патрэбен ты, стары?



 
16/ХІІ 1950

Іншыя творы: Якуб Колас