«Дарагое імя – казка дзён былых...»

Якуб Колас

Дарагое імя —
Казка дзён былых,
Але знік, бы ў дыме,
Золак мар пустых.
 
Адцвілі, адззялі
Зоры летніх дзён,
І акордам жалю
Мне звініць іх звон.
Думкі насланыя
Навявалі сны,
Мары зазыўныя,
Поўныя маны.
 
Не пазнаў я зману
Звадлівых вачэй,
А таму і раны
Чуюцца вастрэй.
 
Я ключа шукаю
Ад чужой душы,
А таму й блукаю
Як сляпы ў глушы.
 
Развітайся ж з казкай!
Кажа мне глуш-ціш,
Над няшчырай ласкай
Час паставіць крыж.



 
6/ХІІ 1932

Іншыя творы: Якуб Колас