Мужык

Якуб Колас

Колька мукі, колька гора
Брат мужык наш перанёс!
Ох, жыццё, жыццё! Як скора
Нас даводзіш ты да слёз!
 
Працаваў мужык у пана
За той паншчынай ліхой,
Не зажыла шчэ тая рана;
Не зажыць шчэ доўга ёй!
 
Бедната відаць усюды:
        І ў адзежы і ў грашах;
Людзі нейкія маруды;
На ліцэ відзён іх страх.
 
Хоць малітва іх святая
Дайшла да Бога і цара,
Хоць прыйшла пара другая,
Святой вольнасці пара,
 
Але ўсё кепска ім жывецца;
Хлеб з мякінаю ядуць,
Лішні грош не завядзецца...
        Цяжкі крыж яны нясуць!
 
На галаве – на дзірках шапка;
На плячах – ў гразі халат.
А тыя ж порткі! На латцы латка.
Ў хаці сырасць, холад, чад.
 
Мужык цёмны: ён не знае
Не умее ён чытаць,
Яго ўсякі абдувае,
А яму усе маўчаць!..
 
І не дзіва, што і красці
        Гоніць беднасць мужыка,
Што цярпіць мужык напасці,
Што ціснуць яго, як чарвяка.



 
К.Міцкевіч
[1898–1902]

Іншыя творы: Якуб Колас