Перад восенню

Якуб Колас

Засмуцілася,
Зажурылася
Даль шырокая,
Неаглядная.
 
Думкай горкаю,
Невясёлаю
Звіс туман сівы
Над балотамі.
 
А ў палях даўно
Жыта звезена,
Коска, серп крывы
Працу скончылі.
 
Агаліўся луг,
Даўно скошаны,
Толькі вежамі
Стагі высяцца.
А зірнеш на лес —
Сэрца сціснецца:
І маркотна ў ім
І нявесела!
 
Пажаўцеў убор,
Пышны ліст яго,
І ціхусенька
Асыпаецца.
 
Сціхлі песенькі
Вольных пташачак...
Глуха лес маўчыць,
Думку думае.
 
Знаць, ён думае
І маркоціцца
Па вясне-красе,
Залатой пары.
 
Эх, пануры лес!
Не журыся, брат:
Для твае вясны
Сцежка бітая —
 
Жыццё новае
К табе вернецца.
Зашуміш ты зноў
Гучна лісцямі,
 
Заспяваеш ты
Разам з пташкамі
І хвалу спяеш
Жыццю новаму.
 
А мая вясна,
Мая мілая,
Ўжо не вернецца,
Ой, не вернецца!..
 
Чаго ж смуцішся
  І маркоцішся,
Даль шырокая,
Даль знямелая?



 
30/VII 1910

Іншыя творы: Якуб Колас