Няшчасная маці

Якуб Колас

У кожную ночку, як свет заціхае
І чуць загарыцца зара,
Халодныя нутры зямля раскрывае,
З тых нутраў выходзіць мара.
 
Ідзе яна ціха, як ночка, панура,
Ідзе пад крыжы-растанцы,
Стаіць нерухома, выглядвае хмура —
Усе аглядае канцы.
 
І далей без шуму ідзе на балоты,
Ідзе, не крануўшы расы,
І плачуць ёй следам аеры, чароты,
І ціха шумяць ёй лясы.
 
Абходзіць магілы, на прыклад садзіцца,
І сёлы вартуе яна.
Па роднаму краю цянюе-снуецца
Заўсёды панура, адна.
 
 
  *
 
І людзі гавораць, як часта чувалі
Апоўначы плач у палях,
І часта жанчыну адну сустракалі,
Гаротную, ўсю ў рызманах.
 
І чуткае вуха той плач улавіла:
«Ой, дзетанькі! — плача яна.
— Ці ж я для таго вас на свет нарадзіла,
Каб век векавала адна?
 
Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што вы зракліся мяне?
За што вы матулю жывой пахавалі?» —
Так скардзіцца ўсё ў цішыне.



 
11/VIII 1912

Іншыя творы: Якуб Колас