Салюты Масквы

Якуб Колас

Як голас прадвесня, як гімн вызвалення,
Расходзяцца гукі маскоўскіх салютаў,
У прах рассыпаюцца Гітлера звенні,
На захад свой цёмны адпоўзваюць спруты.
 
Удар за ударам, як біч бліскавіцы,
Шаломяць і слепяць фашысцкага ката.
Канвульсія зводзіць мурло крывапіўцы,
І стукае ў вокны баронаў адплата.
 
Варожую крэпасць, як глыбіну лёду,
Чырвонаармейская сіла згінае.
Байцы, камандзіры! Вы — гордасць народа,
І любасць народаў над вамі лунае.
 
Наперад, наперад, савецкія раці!
Ганіце іх, вылюдкаў, к чортавай маці:
Вас сёстры чакаюць і жонкі, і маці,
І мілыя вашы ў фашысцкай няволі.
  Наперад, наперад, Суворава ўнукі,
Жалезным патокам, сталёваю лавай!
Вядуць вас надзейныя, цвёрдыя рукі, —
Вярхоўнаму маршалу Сталіну слава!



 
13/ІХ 1943

Іншыя творы: Якуб Колас