Топаль

Якуб Колас

Каля Купалавай пасады
Упёрся топаль у вароты.
І думаў Янка, як даць рады,
Каб не было яму згрызотаў.
 
Пад тапалёваю паветкай
Ляжалі градкі, ззялі ружы.
Расціў на клумбах Янка кветкі,
Пясняр наш дбалы і дасужы.
 
«А топаль грузны і гузасты,
        І жыць яму, як бачна, мала:
Яму даўно ўжо гадоў за́ сто», —
Так разважаў з сабой Купала.
 
І страх часамі браў паэта,
Што вецер дрэва ў сад паваліць
І будзе кветкам песня спета
У шуме-громе смертнай хвалі.
 
І вось прыйшлі дні злой навалы:
Асірацелі паркі, плошчы,
Згарэлі сад і дом Купалы,
        І сам ён — блізкі нам — нябожчык.
 
І Мінск, як труп, адны руіны,
Дзе ў мёртвых сценах вецер свішча.
А топаль, волат-сіраціна,
Стаіць на варце папялішча.
 
Ды горад мы з руін падымем,
Успыхне радасць зноў над краем,
І песняра святое імя
Навекі ў сэрцы захаваем.



 
14.04.1945–15.04.1945

Іншыя творы: Якуб Колас