У бяссонную ноч

Якуб Колас

Паўднёвае неба брыльянтамі зорак
Глядзіць у акно.
А сэрца сумуе, а сум жа так горак,
Знаёмы даўно.
 
І што я скажу табе, кволае сэрца?
Чым сум адганю?
Зачынена сцежка, замкнёны і дзверцы
К вясёламу дню.
 
Чыею ж рукою замкнёна пуціна
                У яснасць-спакой?
Каго вінаваціць у едкай кручыне,
Што ходзіць са мной?
 
Не знаю, мой дружа. Пакіну я ложа,
Не зведаўшы сну,
І зманлівай думкай, бы казкай прыгожай,
Сябе абніму.
 
Ой, ведаю, будзе хвілін такіх многа,
                        Няветлых, як склеп.
Пра светлае ж імя — нікому нічога,
                Маўчу, ані шэп!
 
Я ведаю, кончацца болі, пакуты,
Загоіць іх час.
І горкую кроплю чароўнай атруты
Успомню не раз.



 
8/І 1943

Іншыя творы: Якуб Колас