Сябрам

Якуб Колас

Гэй, сябры мае!
Дзе вы, родныя?
Віхры лютыя,
Непагодныя
 
Разагналі вас
Ва ўсе стораны,
І дарогі вам
Пазавораны.
 
Сцежкі вузкія
Палыном зраслі,
І нічога вам
Не відно ўдалі.
Няма хат у вас,
Ні вуглоў сваіх,
І змоўк голас ваш,
І ваш смех заціх.
 
А за што, за што
Ганьбу вам далі?
За што гоняць вас
Прэч з свае зямлі?
 
Эх, сябры-браты!
Самі знаеце:
Агню палкага
Іскры маеце.
 
Не тушэце ж вы
Той агонь святы,
Асвятляйце ім
Родны край, куты...
 
Што ж? Няхай віхры
Надрываюцца,
Няхай ворагі
Насміхаюцца.
 
Хоць на дзераве
Зжоўкла ўся ліства, –
Вясна вернецца,
Адрасце трава.



 
Менскі астрог,
10/Х 1908

Іншыя творы: Якуб Колас