Шлях славы

Якуб Колас

Па фронтах зарніцай успыхнулі словы:
Наперад! На захад! Пара!
У громе хіснуліся поле, дубровы
Ад светлай Дзвіны да Дняпра.
 
І Віцебск і Орша той гром падхапілі,
Панеслі за Нёман праз Друць.
Што можа спрацівіцца сталінскай сіле,
Загадам, што волю нясуць?!
 
У прах разляцеліся доты і дзоты,
                Нямецкая моц, бліндажы.
Прабіты шырока на захад вароты.
Трасешся, звярыны бярлог? Дык чаго ты
Яшчэ спадзяешся, скажы?
 
Канец твой прыходзіць, і блізка адплата,
Ідзе наша помста ў твой двор.
Не будзе ашчады для вылюдкаў, катаў,
Адпомсцім сурова за край наш распяты,
За мукі братоў і сясцёр.
 
Савецкія сцягі палошчуцца ў сонцы,
                Як зоры і вежы Крамля.
Вітай жа, як браццяў, у роднай старонцы
Герояў, святая зямля!
 
Падхопім з Чырвонаю Арміяй словы:
Наперад! На захад, браты!
На подзвіг вялікі і самы суровы,
На бой наш апошні, святы!



 
14/VII 1944

Іншыя творы: Якуб Колас