Мары аб вясне

Якуб Колас

І холадна, і дзень нам служыць мала,
І цьмяны ён у покрыве імжы.
Па сонцу і вясне душа засумавала,
І хочацца ўзысці на рубяжы –
 
На тыя невідомыя парогі,
Адкуль павеў пачуецца вясны
І выплывуць далёкія дарогі,
Што ласкава наводзяць мары-сны...
 
Эх, жоўценькі пясочак на адхоне
І зацішкі купчастых хвайнякоў!
Знімі, цяпло, зімовую заслону!
Прымі нас, лес, прыпынак дай і схоў!



 
15/І 1947

Іншыя творы: Якуб Колас