Адсталы калгас

Якуб Колас

Прысвячаецца калгасу «Адраджэнне» і падобным да яго



 
 
Так – позняя восень, і ўсё як належыць:
І лес агаліўся, і хмыз без адзежы.
 
Гракі падаліся на поўдзень кудысьці.
На поле знямелае сумна мне выйсці.
 
Вось цэлая лава някопанай бульбы,
Вятры надзімаюць ёй першыя гурбы.
 
Па бульбе таўчэцца кабыла худая
І бульбу матыкай-капытам капае.
 
А там, на пагорку, істужкай чырвонай
        Раскінута грэчка шырокім разгонам.
 
А грэчка якая! Вачэй не адвесці –
На каліве зернят бадай што пад дзвесце.
 
Ды толькі ж саломку зайцы здрасавалі,
А поўныя зерні цяцеры склявалі.
 
І шэпчуць гаротна сцяблінкі пустыя:
«А дзе ж яны, дзе яны, лодары тыя?
 
Нашто ж яны зерні на глум засявалі,
Каб згінулі марна, зазімавалі?
 
А дзе ж ён, старшынька? ці хворанькі, можа?
        Хто нас паратуе? Хто нам дапаможа?»
 
Калгаснікі скаргі грацкоўя не чуюць,
Сядзяць на дарогах, стаяць – «галасуюць»!
 
Тут вецер узрушыў грачаны палетак
І кажа сцяблінкам, як бацька да дзетак:
 
«Старшыньку калгаса зваліў самагон,
Забраў, небараку, відаць, у палон!»



 
22/Х 1954

Іншыя творы: Якуб Колас