Зварот

Якуб Колас

Ідзе паважна пераможац —
Бывалы, стрэляны салдат.
І думкі ў мірным падарожжы
Настроіў ён на мірны лад.
 
У медалях уся грудзіна.
Нашыўкі — спіскі многіх ран.
На штурмы Кюстрына, Берліна
Хадзіў наш воін-ветэран.
 
Зямель ён многа перакрочыў,
        І шмат схадзіў чужых краін,
І небяспекам, смерці ў вочы
Глядзеў не раз ён, не адзін.
 
Ідзе знаёмаю дарогай.
Гудуць, грымяць грузавікі.
Салдат глядзіць навокал строга —
Што натварылі чужакі!
 
Сляды разрухі, папялішчы,
Сады папалены, лясы,
Дзе ў голых плехах вецер свішча,
        Былой шукаючы красы.
 
А тыя хаты, што ўцалелі, —
Такі жабрачы выгляд, ох!
Крывыя сцены чэрві зʼелі,
На стрэхах густа расце мох.
Салдат у мыслях прыкідае —
Ёсць што і ёсць з чым параўнаць.
Краіна наша маладая
Краі ўсе можа перагнаць.
 
І разважае ў падарожжы
        Салдат аб іншай барацьбе.
Зямля ты наша, упрыгожым,
У сад абернем мы цябе!
 
Пацісну я руку герою,
Скажу яму, як друг, як брат:
Як многа сілы ў сабе тоіш,
Зямлі вялікай сын, салдат!



 
31/Х 1945

Іншыя творы: Якуб Колас