Над магілай партызана

Якуб Колас

На ўзгорку пясчаным тры хвоі
Ад даўняга часу стаяць.
Бязлюдныя пусткі спакою
Вакол палажылі пячаць.
 
Не ходзіць тут з плугам араты,
Каса не звініць на зары.
Не згледзіш ні клуні, ні хаты,
Шумяць адны толькі бары.
 
Ды вецер гуляе з пяскамі,
        Расчэсвае хвоям чубы,
Ды зрэдку дзяўчаты з кашамі
Праходзяць між іх у грыбы.
 
І вось нечаканыя госці,
Атрад баявы партызан,
Прыходзяць пад хвоі, кагосьці
Нясуць на пясчаны курган.
 
Акінуў вачамі паляну,
Узгорак, пяскі камандзір
І знак падае партызанам
        Пакласці насілкі на жвір.
 
Дзве пары суровых, адважных
Маўклівых ваяк-партызан
Насілкі спускаюць уважна
На дол, чабаровы дзірван.
— Мы тут пахаваем героя,
Капайце магілу, сябры.
Журботна стаялі тры хвоі,
І шум прытаіўся ў бары.
 
Рытмічна ўскідаюць лапаты
        Угору пясок залаты,
Дзе хвоі развесілі шаты
На бераг узгорка круты.
 
Гатова магіла — прыпынак,
Халодны і вечны спакой.
На ложы з духмяных галінак
Ляжыць нерухома герой.
 
Самкнёны павекі, расніцы,
Як мрамар, застыў яго твар.
Крывавыя кроплі-брусніцы
        Пад чубам палаюць, як жар.
 
Закрыты цяпер яму далі,
Пуціны зачынены ўсе,
А вусікі чуць высядалі
У свежай юначай красе.
 
Падходзіць хвіліна цяжкая —
Зямлі даручыць яго прах.
Употай слязіна блукае
На чэсных сяброўскіх вачах.
 
І выйшаў наперад з іх круга
        І словы сказаў камандзір:
—Хаваем мы вернага друга.
Спакой твайму праху і мір!
 
Не ведаў ты страху ніколі,
Быў верны і храбры ў баю.
За край, за радзіму, за волю
Аддаў маладосць ты сваю.
 
Няхай жа гад-фюрэр крывавы,
Кат-Гітлер запіша на лбе:
Здабудзе ён толькі той славы,
        Што знойдзе асіну сабе.
Клянёмся табе над магілай,
Наш верны таварыш і брат:
Мы знішчым фашысцкую сілу,
Жывою не пусцім назад!
 
– Клянёмся! — ваякі сказалі.
– Клянёмся! — адказвае бор.
– Клянёмся! — азваліся далі.
– Клянёмся! — гамоніць прастор.



 
8/ІХ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас