"Давай пагамонім, Якубе, з табою..."

Якуб Колас

* * *
 


Давай пагамонім, Якубе, з табою.
Ну што ж? не пярэчу.
Аб чым? Аб тым, як мы ціхенька пойдзем з кульбою
Насустрач дзянькам веснавым.
 
Мы іх прывітаем жычлівейшым словам
І ўзложым ім песень вянок,
Ім, вечна квітнеючым, свежым і новым,
Рухавым, бы ў кроснах чаўнок.
 
Мы трошкі з табой пасумуем, вядома,
                Што скарб наш уплыў дарагі,
Што мы ўжо не знойдзем мастка і парома
З старэцкай прабрацца смугі.
 
Далёка дзянькі вы юнацкасці нашай,
Не вернем іх, дружа, назад:
Нямілая старасць таўчэ нас у зашай,
А старасці хто, скажы, рад?
 
Усё гэта праўда, ды нам не да твару,
        Скажу я, у сум упадаць,
Калі ўсё навокал у поўным разгары
                І дні перамогі відаць.



 
[19 снежня 1948]

Іншыя творы: Якуб Колас