Пад сталінскім сонцам

Якуб Колас

Узыйдзі на гору, браце,
Глянь ва ўсе бакі –
Светла стала ў нашай хаце,
А прастор які!
 
Заірдзелі ў сонцы далі
Пурпурам зары,
І навек папрападалі
Панскія двары.
Зарунелі буйна нівы,
Зацвілі сады,
Поўніць гоман, спеў шчаслівы
Сёлы , гарады.
 
Ходзіць сіла маладая, –
Дол пад ёй дрыжыць.
Не гаруе, не гадае
Чалавек, як жыць.
 
Вольны ўсе яму дарогі,
Толькі йдзі ўпярод, –
Не далі таго і богі,
Што ўзяў сам народ!
 
Паглядзі – гараць вясёлкі,
Сыплюць бляск з Крамля.
А герояў родзіць колькі
Новая зямля!
 
Людзі дружбаю абняты –
Шмат дзівосных змен!
Нам сягоння стаўся братам
Таджык і туркмен.
 
І ідзе гасцінна ў дзверы,
Ў чум, кішлак, аул,
К нам Шаўчэнка, Руставелі,
Пушкін і Джамбул.
 
У яднанні, дружбе, згодзе
Нацый і плямён —
Ўсе мы ў адным паходзе,
Наш адзін закон.
 
У яднанні гэтым – сіла,
Наша моц, святло,
Рух няспынны, быстракрылы,
Ворагу назло.
 
Не пазнаць зямлі сягоння!
Глыб яе і шыр
Сам адзначыў у законе
Мудры правадыр.
Сам ён, геній ясназоры,
Даў ёй ход, размах
І праз нетры, пушчы, моры
Нам праводзіць шлях.



 
4/ХІІ 1938

Іншыя творы: Якуб Колас