Вёска

Якуб Колас

Цесна збіты нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар, –
Для агню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.
 
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замест шкла – радняны мех.
 
Загародка пад аконнем,
Блісне кветка дзе-нідзе.
Зеллем глушыцца, драсённем
Мак, цыбулька на градзе.
 
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат,
Дзе-нідзе садок зялёны,
Нізкіх вішань чэзлы рад.
 
Граблі, сані пад страхою,
Колы, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою
Ўбіты ў дол каля акна.
 
Многа тут гразі ў нягоду,
Многа пылу ў летні жар.
Тут дабра не бачыць зроду,
Тут марнее гаспадар.
 
Тут нуда жыве людская,
Прыпынілась гора тут;
Смерць дзяцей, хвароба злая
Тут знайшлі прытульны кут.



 
1906–1907

Іншыя творы: Якуб Колас