Да зброі за волю!

Якуб Колас

Ачніцеся, людзі, ад доўгага сну,
Зніміце павязку з вачэй.
Даволі цярпець вам няпраўду, ману,
Паіць сваёй кроўю чарвей!
Даволі насіць вам на целе сваім
Крывавыя язвіны скул,
Ускіньце плячамі, развейце, як дым,
        Малых і вялікіх акул.
Скідайце скрыпучы, іржавы ланцуг,
        Пракляцце і кару вякоў!
Даволі вам гнуцца у постаці слуг
Для прагных сваіх павукоў.
Вас кінулі ў бездань знішчэння, пакут
Насільнікі вашы, лгуны,
Каяндры і эркі. Няхай жа свой бруд
Зальюць сваёй кроўю яны.
Дык смела ж наперад — у грозны паход!
        Свабода к вам стукае ў дом.
Да зброі за волю, фінляндскі народ,
        І кінь ім на голавы гром!



 
2/ХІІ 1939

Іншыя творы: Якуб Колас