З боку ад жыцця

Якуб Колас

Там, на волі, за сцяною,
Людзі чуюць, што жывуць,
І з вясёлай сумятнёю
Вечароў калядных ждуць.
 
Ў хаце ўся сямʼя збярэцца
За сталом каля гаршка,
І прыветней мігатнецца
Бляск у вокнах бедака.
 
Ад Каляд па Вадахрышчы
    Будуць весела гуляць,
Вечарамі на ігрышчы
Бубен, скрыпка зазвіняць.
 
І сягоння, як і ўчора,
Пойдзе ходарам сцяна...
Хоць на момант сціхне гора
Перад чаркаю віна.
 
Крык і гоман, шум і песні...
Як разыдуцца ў мароз —
Не адно рабро там трэсне,
    Не адзін стаўчэцца нос.
 
Пʼюць, гуляюць там багата,
Шум, ігрышчы, куцярма,—
Словам, там усім вам свята,
Толькі мне яго няма.
 
Тыя ж краты, тыя ж дзверы
Дзень і ночку пад замком,
Той жа звон, ліхі без меры,
Рэжа сэрца, як нажом.
Што ж? Гуляйце! Безгалоўе
    Бутлям, скваркам, куляшу!
Я ж за ваша ўсіх здароўе
Пайку хлеба упішу.



 
21/ХІІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас