Фюрэр і дучэ

Якуб Колас

Сышліся два сябры-ваякі,
На вось прыселі «Рым — Берлін».
Сядзяць, як бітыя сабакі,—
І не пазнаць іх гордых мін.
 
Фюрэр:
 
— Не вешай нос на квінту, дучэ,
Аб Абісініі не плач,
Хоць Лівіі пясок сыпучы
Прыносіць многа неудач.
 
  Не ўсё ў вайне праходзіць гладка,
І мой фон Браухіч — партач:
Падвёў мяне з Масквою, братка,
Стары замызганы дзяркач.
 
Але я гумару не трачу,
Бяру свой гітлераўскі квач,
Ганю фельдмаршала, як клячу,
А з ім яшчэ з паўсотні кляч.
 
І сам бяру я лейцы ў рукі,
І павяду я такі бой,
Што будуць помніць нашы ўнукі
І скажуць: Гітлер — вот герой!
 
Дучэ:
 
— Эх, фюрэр, фюрэр! дрэнна справа:
Ў Расію ўлезлі мы дарма,
А пахавала нашу славу
Зусім не руская зіма.
Прычым зіма тут, холад, бура?
А я скажу табе адно:
Як бачу я, мой мілы фюрэр,
Спускацца трэба нам на дно.



 
26/ХІІ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас