На адзіноце

Якуб Колас

Між глыбокіх снягоў,
Дзе лес глуха шуміць,
Ціхі дом леснікоў
Адзінока стаіць.
 
Воўчым вокам акно
Ў цемры ночы блішчыць,
Дзеці леглі даўно,
Толькі маці не спіць.
 
Смыча нітку яна,
        Усё кудзельку прадзе.
Глухата, цішыня,
Толькі вецер гудзе,
Завывае, бы звер.
Стогне вяз над страхой.
Страшна ў лесе цяпер,
Сцішна ў хаце адной.
 
Ды прывыкла яна
Да паўночы сядзець
І скрозь шыбы акна
        Ночцы ў вочы глядзець.
 
А ў тым коміне зноў
Вецер песню пачаў,
Вось ён глуха завёў,
Застагнаў, забурчаў...
 
— Мама! страшна мне тут,
Я баюся адзін:
Унь варушыцца жмут
На ашэстку аўчын.—
 
Сын малы, Васілёк,
        Кліча матку к сабе.
– Бог з табою, сынок,
То здалося табе!
 
Не пужайся, дурны,
То аўчынкі вісяць.
Нежывыя яны
І не могуць чапаць.
 
– Мама! Сядзь ідзі тут...
Што так страшна гудзе? —
Ставіць прасніцу ў кут,
    К сыну матка ідзе.
 
– Мама! Чуеш — во-во!
Хтось па даху пабег!
Гэта злодзей ці хто?
– Не, сынок, — гэта снег!
 
– А што трэба яму?
Чаго ўзлез ён на дах?
Ці ён грозіць каму,
Ці спужаў яго страх?
– Ой, блазнота мая,
    Ну ж з цябе і смяляк!
Чаго думка твая
Устрывожана так?
 
Гэта ж вецер, сынок.
– Ён жывы ці які?
– Ды не, мой галубок!
Гэта — подых такі.
 
– А што робіць ён?
– Хто?
– Ну, той подых!.. Скажы!
  – Немаведама што
Ты гаворыш!.. Ляжы.
 
Васілёк замаўчаў,
Нерухліва ляжыць,
Мусіць, думаць пачаў,
Чаго вецер шуміць.
 
А ён, нібы той звер,
Плача, вые, гудзе.
– А дзе тата цяпер?
Чаму доўга не йдзе?
 
Не баіцца адзін
Ён паночы хадзіць!
– Тата дужы, мой сын!
За плячыма вісіць
 
Стрэльба, нож пры баку...
Дык баяцца чаго?
Кепска будзе ваўку,
Калі чэпіць яго!..
 
– Мама! Праўда ці лгуць,
Што маленькіх дзяток
Жабракам аддаюць
Замест хлеба ў мяшок?
 
– Не, няпраўда, сынок!
Гэта байку сплялі,
Проста страшаць дзяток,
Каб паслушны былі.
 
Зноў заціх Васілёк
І пытаць перастаў,
Зноў яго разумок
Варушыцца пачаў.
 
  Ціха ў хатцы малой,
Смутна лямпа гарыць.
Бор стары за сцяной
Усё шуміць ды шуміць.



 
13/X 1909

Іншыя творы: Якуб Колас