Мацерына гора

Якуб Колас

За сялом у полі,
У жоўценькім пясочку,
Пахавала маці
Маладую дочку.
 
Знікла яе радасць —
Старасці апора,
І няма уцехі
Ў мацярынскім горы.
 
Ёй ніхто не верне
Дарагой дачушкі.
Плачуць па дзяўчыне
Сваякі і дружкі.
 
Плача па ёй мілы,
Жаль яго вялікі,
Гора ж яго сціхне,
Змоўкнуць сэрца крыкі.
 
Ганначку забудуць
Сваякі і дружкі,
Не забудзе маці
    Роднае дачушкі.
 
Не загояць часы
Сэрца яе раны,
Сама ляжа маці
З імі ў гроб драўляны.



 
27/ХІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас