Могілкі

Якуб Колас

Круглае поле. Узгоркі, каменне.
Лес па краях, як сцяна.
Ціха навокала. Нудна на сэрцы.
Птушка не крыкне нідзе ні адна.
 
Могілкі ў полі адны-адзінюткі.
Праслы гнілыя на дол паляглі.
Крыж пахіліўся гаротна-журботна.
Многа іх, многа ляжыць на зямлі!
 
Дзе-нідзе дрэўцы – бярозка, хваінка;
Дожджык магілкі размыў, спаласкаў.
Вось дзе ад гора мужык адпачыне,
Вось дзе ён думкі-згрызоты схаваў.



 
[1906]

Іншыя творы: Якуб Колас