Наша возьме

Якуб Колас

Мы ходзім, спатыкаемся,
Бадзяемся, як пʼяныя,
Мы з голадам зрадніліся,
Худыя, абарваныя.
 
Асмеяны, аблаяны,
Гразёю мы замазаны.
Багатымі мы скрыўджаны,
Няволяю мы звязаны.
 
Ў балоты мы адціснуты,
Загнаны мы у шчыліны,
І вочы нам завязаны,
І вушы нам зачынены.
 
Адно мы добра ведаем:
Хоць вечна мы блукаемся,
А ўсё ж такі, хоць некалі,
А праўды дапытаемся.



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас