Маскве

Якуб Колас

Бурліць на подступах к сталіцы
Смяротны бой, крывавы вір.
Вачамі мутнымі блудніцы
Ў Маскву уставіўся вампір.
 
Сагнаў ён безліч гунаў дзікіх,
Армады зграй — сваіх, чужых,
Забойцаў цёмных, разналікіх,
І ўжо трыумфу ловіць міг.
 
Масква, краіны роднай сэрца!
        Няўжо кране цябе рука
Звяругі прускай, крыважэрца,
Галаварэза-чужака?
  Масква, народная святыня!
Няўжо фашысцкі людаед
Чырвоны плашч твой у прах кіне,
Растопча нашу гордасць, цвет?
 
Масква, надзея долі новай!
Няўжо ў Кастрычніцкія дні
Налучыць лёс цябе суровы,
        Каб загасіць твае агні?
 
Ты не была вавек рабою
І не схіляла галавы,
І сёння ты гатова к бою,
Бо славен шлях твой баявы.
 
Няхай жа вораг азвярэлы,
Руку занёсшы над табой,
Зняслаўлен будзе на свет цэлы
І зложыць косці пад Масквой.
 
Шчасліва будзь твая часіна!
        Распраў жа плечы ва ўсю шыр.
Масква! З табою ўся краіна.
Масква! З табою правадыр.



 
27/Х 1941

Іншыя творы: Якуб Колас