Чую голас

Якуб Колас

Студзіць сонца твар гарачы,
Сходзіць з небасхілу,
Аддае святла астачу
Дробным крупкам пылу.
 
Ажылі пылінкі ў сонцы,
Жарам заігралі,
Як вясёлкам, шлях бясконцы
Ім адкрыт у далі.
 
На шырокі дуб-асілак
Сонца бляск садзіцца,
А ў прагалах між галінак
Пыл гарыць, ірдзіцца.
 
Гэта сонца ставіць кросны,
Радасць тчэ змярканню.
Пазіраеш — храм дзівосны:
Дуб, і пыл, і ззянне.
 
Падыходзіш, хочаш зблізку
Бачыць у ім Бога.
Падышоў. А дзе ж калыска
Хараства святога?
 
А яна — унь, на платане
Над другою хатай...
Чую голас: будзь у змане,
Хараства не кратай.



 
19/VII 1943

Іншыя творы: Якуб Колас