Верабʼіная ноч

Якуб Колас

Ноч павісла над зямлёю,
Ўсё абнята цішынёю,
Поўнай страху, поўнай чар.
 
Быў гарачы дзень бясконца,
Не свяціла — жэгла сонца,
Парнасць страшная і вар.
 
І вось неба не ўтрывала,
Ўсё ў агнях запалыхала,
Мрок хістаецца, дрыжыць.
 
 
Там гараць, як у пажары,
На паўдні, на ўсходзе, хмары,
Дзе зліліся рубяжы.
 
І не ўловіш слухам грому,
Што тварыцца — невядома
Ў нутрах гнеўных аблакоў.
 
Як бы хто жывы, палючы,
Погляд кідае бліскучы,
Пыша сілаю віхроў,
 
Ўскіне вочы агнявыя,
Ўскіне грозна і закрые,
Цьму сярдзіта ўскалыхне,
 
Ды як сыпне ў неба жарам!
Страшны шлях асвеціць хмарам,
Ніжай мрок к зямлі прыгне.
 
А зямля маўчыць трывожна.
Лес пакорна і набожна
Сціх, чакае — ні гу-гу!
 
Неба ж грозна пыша, ззяе,
Бляск агністы разлівае,
Паліць мрочную смугу.



 
1913

Іншыя творы: Якуб Колас