Наш шлях

Якуб Колас

Журботныя прагалы, дзе ні гляну,
І ў сёлах, і ў лясах.
Гарэлы клён схіліўся да паркану,
Сам чорны, як манах.
 
Стаіць адзін, раскінуўшы галіны,
Як пальцы рук сухіх,
І шум яго празрыстае чупрыны
Змяніўся і прыціх.
 
Навокала раскіданы магілы –
                Руіны гумен, хат.
Гудзе, скуголіць вецер лёгкакрылы
На старасвецкі лад.
 
І хоць што крок малюнкі разбурэння,
Пабоішчаў сляды, –
Зямля ж цвіце, і покрыў аднаўлення
Тчэ засеў малады.
 
Прайшла вайна, як віхар-навальніца
Пад грукат перуноў,
А край жыве, гаючая крыніца
                Струменіцца ізноў.
 
І тое зло, што цемра ўзгадавала
Ды з захаду плыло, –
Разбіта ў прах крывавая навала,
Касцьмі палегла зло.
 
Сыйшла, сплыла пачварная прыгода...
Жыві, наш правадыр!
І чую я, як сіла, моц народа
Расце і ўглыб і ўшыр.
 
Разгорне люд, нібы арол той, крылы,
                Плячамі павядзе, –
Такі размах раскованае сілы
Не быў яшчэ нідзе.
 
Старое ўсё мы пусцім на ўзві-вецер
Пад веснавую трэль.
Кажу – такіх, як наша, ва ўсім свеце
Не знойдзецца зямель!



 
28/ІІ 1946

Іншыя творы: Якуб Колас