Арол

Якуб Колас

Над смужнай раўнінай высока-высока
Разняў свае крыллі арол адзінокі,
 
І вокам празорным ён даль азірае,
І гучныя крыкі над полем раняе.
А поле замлела, ляжыць у тумане,
У покрыўцы смужнай, бы ў цёмнай сутане.
 
Свая, відаць, думка аб чымсьці гаруе,
І крыкаў арліных нізіна не чуе.



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас