Майская раніца

Якуб Колас

Ў небе бяздонным, дзе хмаркі купаюцца
Ў золаце яркіх агнёў,
Вольныя песні штодзень разліваюцца,
Чуюцца крыкі стрыжоў.
 
Ціха трапечуцца лісці зялёныя,
З ветрыкам мову вядуць;
Вішні, узняўшыся белай каронаю,
Быццам дзяўчаты, цвітуць.
 
Поўніцца пахам паветра, ўліваецца
Ў грудзі гаючым віном;
Мыецца краска расой, уціраецца
Цёплага сонца святлом.
 
Хмарка за хмаркай плывуць, лёгкакрылыя,
Ціхай задумай паўны.
 
Эх, як прыгожы вы, раніцы мілыя,
Светлыя мары вясны!



 
1914

Іншыя творы: Якуб Колас