Адлёт жураўлёў

Якуб Колас

Белыя валокны
Сцелюцца над долам.
Не спяваюць птушкі,
Сціхнуў лесу шолам.
 
Сцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
 
Зажурыцца неба,
        Схованае ў хмары,
І агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
 
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
 
Стомленасць, знямеласць...
Тояць думку боры...
Шш! што то за гукі
        Чуюцца ў прасторы?
 
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
 
Меншыцца шнурочак,
        У паднебʼі тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
 
І стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што — сам не знаеш.
 
Так у час расстання
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
        Цяжкай страты-згубы
 
І глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ўдалечу
Душу дарагую.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас