Сам сабе

Якуб Колас

Няўзнакі, неўзаметкі –
Хоць сам скажу сабе –
Пасохлі мае кветкі,
Канец маёй сяўбе.
 
Штодзень я адчуваю
Ўсясільны той закон,
Што цягне к долу-гаю
У вечны цень-палон.
 
 
Ну што ж? Пажыў, пабродзіў,
        Дарог прамераў шмат.
Стаміўся ты ў паходзе –
Спачынь жа ў зямлі, брат!
 
І сам я не пабачу,
Як згасне мой агонь.
Дык што ж? Хіба паплачу,
Падпёршы ціха скронь,
 
Мяне ў жывых не стане,
Сыду я ў небыццё,
Ды вечна будзе ранне,
        І песні, і жыццё.



 
26/VII 1955

Іншыя творы: Якуб Колас