Вечар на Палессі

Якуб Колас

Вось пастух ўжо стадка гоніць;
Вол бушуе і раве.
Вёска ходзіць і гамоніць,
Толькі рэха ў лесе йдзе.
 
З комін дым падняўся ўгору;
Люд сцякаецца з работ...
Эх, люблю я гэту пору,
Як з палёў ідзе народ!
 
 
Мне іх песні сэрцу мілы,
Хоць і многа ў іх нуды.
Некісь жаль казыча жылы,
Як заграюць дудары.
 
Свіст за свістам так і льецца,
Як Палессе, без канца;
Як хто плача, мне здаецца,
Як сляза цячэ з ліца.
 
А сабакі ім ўтуруюць...
Дудка плача, дудка мрэ...
Як ніколі не гаруюць,
Як бяда іх не бярэ!



 
1906–1907

Іншыя творы: Якуб Колас