Невядомы хлопчык

Якуб Колас

Не ведаю, адкуль ён, хто такі,
З якога месца, краю,
Ці ёсць бацькі ў яго ці сваякі,
Як зваць яго, — не знаю.
 
Маркотны хлопчык мой. Яму на від
Гадкоў дванаццаць, можа.
Журчыць арык. Развесіў топаль шчыт,
А хлопца смутак гложа.
 
Задумаўся, агледзеўся вакол —
                Як хвалі, людзі ходзяць.
Ён кайстру зняў, паклаў яе на дол,
Загублены ў народзе.
 
Што думаў ён і ў сэрцы што насіў,
Журбою апавіты?
Не ведаю, хоць сэрца яго ўсім
І мне было адкрыта.
 
Замлелі топалі. Журчыць арык,
        А сонца слепіць вочы.
Ідуць, плывуць людцы. Пра гарамык
                Ніхто спытаць не хоча.
 
Сіроткаю сядзіць вандроўнік мой,
Прылёг, дастаў аловак,
І літары маруднай чарадой
Радкі складаюць словак.
 
Каму пісаў? Аб чым пісаў малы
Без родных і без дому?
Эх, шмат чаго пад полагам імглы
Праходзіць невядомым!
 
Назад іду. Адзін журчыць арык,
                Як сведка суму, гора.
А хлопчыка няма. Мой хлопчык знік,
Астаўшыся дакорам.
 
 
І што сказаць? Мы гора бачым шмат,
Але праходзім міма.
Даруй жа мне, даруй, мой мілы брат!
Даруй і ты, радзіма!



 
31/VIII 1942

Іншыя творы: Якуб Колас