Смерць арыштанта

Якуб Колас

Праз астрожны двор закрыты
Два людцы маўчком ідуць,
З тоўстых дошак спешна збіты
Цесны гроб яны нясуць.
 
І не звоняць, не спяваюць,
Нікагутка не відно.
Два плячы той гроб трымаюць,
Бы й не гроб, а бервяно.
 
Арыштант! Сярод дарогі
Сам сабе ты адзваніў:
Кайданамі твае ногі
Суд «ласкавы» надзяліў.
 
Арыштант! Яшчэ ты ўчора
Сам сябе і адмаліў,
У гроб цесны сваё гора
Ты глыбока палажыў.
 
Арыштант! І ў роднай хаце
Жыць з сямʼёю не далі.
Месца й там табе не хваціць,
Як не стала на зямлі.
А сканаў ты, як сабака.
Знаць не будуць сваякі,
Як пражыў ты, небарака,
Перадсмертныя дзянькі!
 
Арыштант! Цябе зарыюць,
Не заплачуць над табой,
Хіба мо ваўкі завыюць
У Піліпаўку зімой.
 
Арыштант! Твае магілы
Крыж не будзе вартаваць,
Адзін вецер свае крылы
Над ёй будзе разнімаць,
 
Калі ўвосень раззлуецца
І памчыцца ў свет гуляць.
З языка не раз сарвецца:
– Хтось павесіўся, відаць!
 
Арыштант! Не будуць дзеткі
Знаць, дзе татка іх спачыў,
Бо не будзе і заметкі,
Дзе ты костачкі злажыў.



 
21/І 1909

Іншыя творы: Якуб Колас