"Запытай ты сябе, чалавеча..."

Якуб Колас

* * *
 


Запытай ты сябе, чалавеча:
Што зрабіў для айчыны, ці многа?
І які ўзяў цяжар ты на плечы,
Каб наблізіць наш час перамогі?
 
Няхай сэрца тваё і сумленне
Знаць не будуць ніколі спакою,
Покі сее смерць і разбурэнне
Чорны вораг крывавай рукою.
 
 
Не ганьбуй жа ніякай работай,
Адно толькі ты май на увазе:
Болей хлеба, гармат, кулямётаў
На пагібель фашысцкай заразе.
 
Калі ж ты, як нядбайны туляга,
За чужыя хаваешся спіны,
То няхай на цябе падзе пляга —
Ты не сын свае маці-айчыны.



 
26/VIII 1941

Іншыя творы: Якуб Колас